Маладому спецыялісту

З вуснаў маладога педагога

01.08.2023
развернуть

З вуснаў маладога спецыяліста Вашкевіча Юрыя Уладзіміравіча, настаўніка гісторыі і грамадазнаўства, 2023/2024 навучальны год

 

 

 

“Мая прафесія ў лёсе маёй Радзімы”

 

                                                                            Настаўнік! Місія твая

Не ўсім пасільнаю падасца,

                                                                                    Бо ты для вучня – і сям’я,

                                                                                  І сябра верны, і дарадца.

                                                                                                     Г. Небаўсенка

          У народзе кажуць: ”Калі цябе хвалюе заўтрашні дзень - сей зерне, калі будуеш планы на дзесяць год наперад-садзі сад, калі ж на сто гадоў- выхоўвай дзяцей…”. Вось і я ўжо хутка як паўгода працую ў Азёркаўскай сярэдняй школе. Кожнай раніцай крочу сюды знаёмай сцяжынкай, каб не толькі даць урок гісторыі і грамадазнаўства сваім вучням, распавесці пра гістарычнае мінулае і сучаснае нашай роднай Беларусі, але  і сустрэцца са сваімі выхаванцамі на перапынку, пасля ўрокаў, заглянуць у дзіцячыя дапытлівыя вочы і адказаць на іх пытанні.

        Ляцяць дні…Зімы змяняюцца вёснамі, на змену прыходзіць лета, восень… І так за годам год….

        У кожнага чалавека свае зімы, свае вёсны…

         Мая сямнаццацігадовая вясна дазволіла мне выбраць правільны шлях у жыцці. Менавіта тады ў мяне ўзнікла жаданне стаць настаўнікам. Менавіта тады я зразумеў, што кожны дзіцячы лёс - гэта гісторыя маленькай планеты, асобая, свая…

          Ужо тады я вызначыў прынцыпы, якімі кіруюся ў сваёй дзейнасці  сёння: дапамагаць, разумець, падтрымліваць, супрацоўнічаць і, вядома ж, любіць. Толькі той, хто любіць дзяцей, любіць сваю справу, можа дарыць любоў іншым. Праз любоў, узаемапавагу, дабрыню, міласэрнасць ідзе станаўленне маленькай чалавечай асобы.

         Я лічу, што ў жыцці мне вельмі пашанцавала з настаўнікамі. З пачатковых класаў і да заканчэння школы побач са мною былі мудрыя, таленавітыя, адданыя сваёй справе  настаўнікі дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа №5” . Многія з іх дапамаглі мне ў станаўленні мяне як настаўніка. Многія сталі для мяне прыкладам прафесійнага майстэрства. Я з вялікай удзячнасцю ўспамінаю ўрокі свайго настаўніка гісторыі Валковіч Алы Мікалаеўны.

           Паступіўшы ў БДУ, мая любоў да гісторыі, да мінулага сваёй Радзімы, працягвалася. Я з заміраннем сэрца слухаў лекцыі выкладчыкаў, адчуваючы сябе часткай гісторыі.  Студэнцкія гады вельмі цікавыя, насычаныя рознымі падзеямі, сустрэчамі з навукоўцамі і вядомымі для Беларусі людзьмі.     Прыемнае ўражанне на мяне аказала педагагічная практыка на 3 курсе навучання ва ўніверсітэце. Мой першы ўрок, першы вопыт зносін з вучнямі. Таксама застанецца ў памяці на ўсё жыццё археалагічная практыка…Гэта было нешта неверагоднае! Два тыдні пражывання ў палатках пад гарачым сонцам, у палявых умовах, поўны адрыў ад цывілізацыі… Але разам з тым, мноства эмоцый і ўражанняў мы атрымалі падчас раскопак, вывучаючы гістарычнае мінулае, трымаючы ў руках рэчы глыбокай даўніны нашага народа.

            Бачная і нябачная, верагодная і неверагодная гісторыя акружае нас з усіх бакоў. Кожны дзень, кожнае імгненне чалавек творыць сваю гісторыю і гісторыю свайго народа. Як часта мінулае дапамагае нам у стварэнні будучага! Навука абапіраецца на вынікі адкрыццяў мінулых гадоў, мастацтва выкарыстоўвае тэмы і сюжэты твораў, напісаных даўным-даўно. Я ведаю, на працягу свайго жыцця чалавек не толькі карыстаецца фактамі мінулага, спадчынай продкаў, але і сам кожную хвіліну творыць гісторыю, а значыць, і будучае.

         Я мару аб тым, каб хто-небудзь з маіх вучняў, калі стане дарослым, мог сказаць: “ На пачатку жыцця мне пашанцавала. Калі асабліва цяжка вызначыць, што каштоўна, а што мітусня, калі перад табой сто дарог, калі яшчэ не ведаеш ні людзей, ні самога сябе, мне сустрэўся чалавек, якому было не ўсё роўна, якім і кім я стану. Гэты чалавек адклаў свае дарослыя справы і працягнуў мне руку. І я ўбачыў у ім сябра, і пайшоў за ім. Я даверыў яму свае дзіцячыя сакрэты, а ён навучыў мяне разумець галоўнае ў сабе, у іншых людзях, у жыцці. Ён навучыў мяне любіць гэты свет і жыць, адкрыўшы сваё сэрца. Гэты чалавек –мой Настаўнік”.

         Любая педагагічная дзейнасць, у маім разуменні, павінна быць накіравана на рэалізацыю не асабістых амбіцый, а паўтарэння і развіцця ў сваіх вучнях. Патрэбна пастаянна вучыцца, каб адпавядаць іх меркаванням пра мяне.

         Удзел у гэтым конкурсе – гэта яшчэ адзін крок на шляху да гармоніі са светам і сабой. Я ўпэўнены ў тым, што настаўнік – гэта не прафесія, гэта лад жыцця. Урокі складваюцца ў дні, дні ў чвэрці… І я пачынаю заўважаць, як школа мяняе мяне ў лепшы бок, вучыць мудрасці і любові . 

           Галоўнымі рысамі настаўніка, на маю думку, з'яўляюцца здольнасць да разумення, цярплівасць і творчасць. Прафесія педагога не менш творчая, чым прафесія мастака ці пісьменніка.  Сучасны настаўнік павінен быць гнуткім, мабільным, таму што з кожным годам рытм нашага жыцця паскараецца, паток інфармацыі расце. Настаўнік будучыні павінен ісці не ў нагу з часам, а на крок наперадзе. Для мяне настаўнік — гэта чараўнік, сябра, творца, чалавек, у сэрцы якога знойдзецца месца для кожнага. Гуманнасць, талерантнасць, настойлівасць і мабільнасць, адказнасць і адданасць сваёй прафесіі, крэатыўнасць і аптымізм — усё важна для таго, каб быць Настаўнікам з вялікай літары.

          Для сябе я вызначыў, што вельмі важна не толькі даваць веды па прадмеце, але весці і краязнаўчую работу, займацца даследчай дзейнасцю, развіваць творчыя здольнасці, выхоўваць патрыятычныя пачуцці, культуру здаровага ладу жыцця, фарміраваць маральныя якасці, светапогляд навучэнцаў.

       Які ён, педагог ХХІ стагоддзя? Мудры, адукаваны, інтэлігентны, справядлівы настаўнік.  Ён ідзе ў нагу з часам, уключае ва ўрок інфармацыйныя тэхналогіі. Гэта настаўнік-выхавальнік, якому неабыякавая будучыня планеты і міру на Зямлі.  Ён не стаіць на месцы, вучыцца ўсё жыццё, пазнае новае. Творчая асоба. Гэта старэйшы сябра, памочнік, які паважае вучняў і іх  меркаванне»

          Не магу ўявіць сваё жыццё без школы, без сваіх выхаванцаў. Навучаючы, выхоўваць – вось галоўнае прызначэнне педагога. Быць настаўнікам  – гэта не толькі павышаць інтэлектуальны ўзровень вучняў, але і ўзбагачаць іх духоўна.

         І так будзе ў маім жыцці ісці за годам год… Будуць у мяне новыя зімы, новыя вёсны. Такія ж падобныя, і ўсё ж кожны раз новыя…

         Спадзяюся, што ў мяне ўсё атрымаецца: я гатовы і да радасцяў, і да цяжкасцяў у стасунках з вучнямі. Гатовы і сам вучыцца ў іх. Вельмі спадзяюся на добразычлівую атмасферу ў калектыве і дапамогу калег. Хацелася б стаць добрым настаўнікам, таму я добра разумею, што для гэтага трэба пастаянна самаўдасканальвацца.

 

 

Час няўмольна бяжыць наперад,

Не спыняючыся аніяк.

Перад вамі ўжо не падлетак,

А даволі сталы юнак.

Вяртаюся часта ў маленства,

Успамінаю свой лепшы час,

Калі мама і тата за руку

Прывялі мяне ў першы клас.

Школа 5-ая, што на Мастоўшчыне!

Ты ўзгадавала мяне,

Ты мяне павучала, выхоўвала,

Веды трывалыя і пуцёўку ў жыццё мне дала!

…І вось я ў сталіцы, у Мінску!

Я – студэнт БДУ!

Новыя стрэчы, выкладчыкі і студэнты-сябры…

Лекцыі, семінары, практычныя,

Залікі й экзамены…

І – Выпускны! Я – настаўнік!

Дыплом у руках…Размеркаванне.

Родны горад Масты!..

“Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся!”–

Так мудрыя продкі казалі даўно.

І вось ужо восень…

Мая настаўніцкая восень!

Спяшаюся на першы свой урок,

Бо там мяне чакаюць Дашы, Ксюшы, Паліны і Наташы,

І хлопцы-непаседы з айфонамі ў руках.

Звініць званок.

Адкрыты сшыткі, падручнікі і карты,

Гучаць адказы вучняў (бывае неўпапад!)

І тут я разумею, што як складана часам

Дайсці да кожнага, быць побач з вучнем,

Вучыць яго, любіць…

Што быць настаўнікам – нялёгкая работа.

Тут многа трэба знаць, умець, тварыць.

Днём і ноччу клопаты –

Як бы ўсё паспець і не забыць!

Не забыць узяць лішнюю лінейку,

Ручку, ласцік, мел і транспарцір

Для Алёнкі, Светы і Андрэйкі,

Хто сваё забыў, таму й аддам.

Не забыць бы пахваліць Палінку

За “пяцёрку” (слабенькую пакуль),

Пасадзіць бліжэй, усярэдзінку,

Шумнага Івана-навічка.

Не забыць праверыць усе сшыткі

 І адзнакі выставіць у журнал,

І канспект на заўтра напісаць,

І прадумаць класны час цікавы…

Цемень ужо за вокнамі кладзецца,

Усе адпачываць пайшлі даўно,

Толькі нашаму настаўніку не спіцца:

Як бы ўсё паспець і не забыць…

А раніцаю з добраю ўсмешкай

Я іду ў свой любімы клас,

Бо там мяне чакаюць Дашы, Ксюшы, Паліны і Наташы,

І хлопцы-непаседы з айфонамі ў руках.

І зноў званок. І зноў урок…

І вось маё педагагічнае крэда:

Урок – гэта шмат незвычайных навін.

Урок – гэта радасць ад розных прычын.

Урок – адпачынак, удача, гульня.

Урок – гэта шчасце, дабро, цеплыня.

Урок – гэта творчасць і ведаў крыніцы.

Урок – гэта шлях, каб раскрыць таямніцы.

Таму ў заключэнні ўсім я скажу, што

Колькі трэба сіл і жадання,

Колькі трэба веры ў светлы ідэал,

Каб даць дзецям навыкі і веды,

Каб увесь наш вопыт не прапаў.

Таму:

Настаўнік – не прафесія, а званне,

Адсутнічаюць малейшыя рубяжы.

Настаўнік – не работа, а прызванне.

Настаўнік – гэта сутнасць усёй душы.

 

свернуть